Жорсткі прысуд Артуру Фінькевічу – 1,5 гады калоніі
31- 20.12.2007, 19:31

Актывіста «Маладога Фронту» Артура Фінькевіча суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прысудзіў да 1,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Палітвязня прызналі вінаватым у парушэнні рэжыму адбывання пакарання ў відзе абмежавання свабоды.
Два гады таму Артур Фінькевіч быў арыштаваны і прысуджаны да абмежавання свабоды за графіці «Дастаў!» і «Мы хочам новага!». Падчас адбывання пакарання на маладога чалавека некалькі разоў накладалі спагнанні за парушэнне рэжыму, з якімі ён быў не згодны, але абскардзіць гэтыя прысуды яму не атрымалася. Калі б не крымінальная справа, Артур выйшаў бы на свабоду 10 дзён таму.
«Гэта вельмі жорсткі прысуд. У самыя блізкія дні мы экстрана правядзем аргкамітэт кампаніі «Свабоду Фінькевічу». Мы будзем дамагацца вызвалення Артура. Такім чынам улады хочцуь напалохаць свабодную моладзь. Але ў іх гэта не атрымаецца. Нас не зламаць», – пракаментаваў прысуд прэс-цэнтру Хартыі’97 моладзевы лідэр Павал Севярынец.
Вынясеннем такога жорсткага прысуду Артуру Фінькевічу ўлады ставяць крыж на стасунках з Еўропай. Галоўным з 12 прапаноў Еўразвяза Беларусі было вызваленне палітвязняў. Улады ж не толькі не вызваляюць вязняў сумлення, а кідаюць іх за краты на яшчэ большыя тэрміны.



Фота "Наша ніва"