Стадыён «Дынама» спрабуюць ачысціць ад снега да матчу БАТЭ – «Рэал» (Фота)
10- 24.11.2008, 17:04
Напярэдадні прыезду інспектара УЕФА супрацоўнікі галоўнай арэны краіны і вайскоўцы спрабуюць ачысціць ад снега трыбуны і футбольнае поле.
Сіноптыкі прагназуюць снег і на заўтра, на дзень матчу Лігі чэмпіёнаў. Аднак дырэктар стадыёна "Дынама" Уладзімір Вільчынскі не хоча верыць гэтым прагнозам.
"Я адмаўляюся верыць гэтым сіноптыкамі, таму што яны кажуць, што снега не будзе, а снег ідзе. Сёння і заўтра - снег. А як там будзе на самой справе, цяжка сказаць", -- сказаў ён у інтэрв'ю «Еўрарадыё».
Зараз чысціць ад снега трыбуны актыўна дапамагаюць вайскоўцы, таму Вільчынскі з аптымізмам кажа, што да пачатку матчу ўсё будзе падрыхтавана належным чынам:
"Падрыхтоўка ідзе паспяхова, дапамагаюць нам вайскоўцы. Мабілізавалі ўсіх сваіх супрацоўнікаў, таму стадыён будзе падрыхтаваны", -- сцвярджае дырэктар стадыёна.
Ужо сёння ўвечары у Менск прыедзе інспектар УЕФА, які павінен сказаць, ці гатовы стадыён "Дынама" правесці матч БАТЭ - "Рэал".


Фота -- malishevsky.livejournal.com