Масавыя арышты ў Менску: ля КДБ разагнаная акцыя апазіцыі, арыштавалі праваабаронцаў (Фота, абноўлена)
28- 10.12.2008, 14:59
За ўдзел у акцыях у Дзень правоў чалавека ў Менску былі затрыманыя больш за 20 чалавек, у тым ліку вядомыя праваабаронцы.
У першай палове дня, як стала вядома прэс-цэнтру Хартыі’97, 8 актывістаў ініцыятывы «Маладая Беларусь», апранутыя ў імправізаваныя паласатыя робы, прыйшлі да будынка Камітэта дзяржбяспекі з таблічкамі, на якіх было напісана «Я незалежны журналіст», «Я незалежны назіральнік», «Я праваабаронца» і г.д. Удзельнікі акцыі хадзілі па коле каля галоўнага ўваходу ў камітэт з паднятымі за галавой рукамі.
Каля пратэстоўцаў прайшоў міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, які, якраз, мабыць, вяртаўся ў сваё ведамства з абеду. Праз 5 хвілінаў пасля гэтага да КДБ пад'ехала машына з дзясяткам супрацоўнікаў міліцыі ў спартовай форме. Апазіцыянераў сталі выцясняць з праспекта Незалежнасці за будынак КДБ, а затым усіх арыштавалі.
Затрыманых апазіцыянераў пратрымалі ў Цэнтральным РУУС Менска две гадзіны і вызвалілі без складання пратаколаў. Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з лідэраў «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, міліцыянты паводзілі сябе вельмі груба. Калі ён уступіўся за хлопца, якога паставілі да сценкі і прымусілі падняць рукі, супрацоўнік міліцыі двойчы стукнуў яго кулаком па спіне.
Прыкладна праз гадзіну, на праспекце Незалежнасці, ля ГУМа, былі арыштаваныя праваабаронцы, якія распаўсюджвалі Дэкларацыю правоў чалавека.
Усяго, разам з моладзевымі актывістамі, якія разам з імі распаўсюджвалі дэкларацыю, былі затрыманыя больш за 20 чалавек. Сярод затрыманых -- віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, праваабаронцы Уладзімір Лабковіч, Алег Мацкевіч, Марына Статкевіч, Сяргей Сыс.
Праваабаронцаў і актывістаў вызвалілі праз паўтары гадзіны пасля затрымання, без складання пратаколаў. Пры затрыманні да іх ужывалі сілу.
У цэнтры Менска сёння дзяжурыць велізарная колькасць супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа. Яны перапыняюць усе спробы правесці акцыі ў Міжнародны дзень правоў чалавека.








Фота ByMedia.net

Фота svaboda.org