Аляксандр Казулін: «Я заўсёды там, дзе людзі»
18- 26.09.2008, 11:17

«28 верасня я пайду на плошчу. Я заўсёды там, дзе моладзь, дзе людзі. Па-іншаму не ўмею. Падчас гэтай «выбарчай кампаніі», было зафіксавана вельмі шмат фактаў парушэнняў. Ва ўсім свеце так прынята: калі людзі лічаць, што «выбары» сфальсіфікаваныя, дык яны выходзяць на вуліцы», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 былы палітвязень Аляксандр Казулін.
«Калі ўлады паспрабуюць перашкаджаць, дык яны ў чарговы раз пацвердзяць, што «выбары» былі праведзеныя несумленна. Мы ж павінны патрабаваць правядзення новых выбараў. Кожны чалавек мае права на свабоднае волевыяўленне і павінен дзейнічаць па сумленні. Калі ёсць сумленне, калі ён хоча пераменаў і зменаў да лепшага ў Беларусі, дык ён павінен змагацца. Калі людзі хаваюцца па дамах, дык наўрад ці магчымыя перамены. Людзі павінны разумець, што іх голас вырашае лёс краіны. І калі гэты голас не можа быць пачуты на выбарчым участку, дык павінен быць пачуты на Плошчы», -- заявіў Аляксандр Казулін.
Нагадаем, што лідэры апазіцыі заклікалі беларусаў выйсці 28 верасня, у 20.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска, каб запатрабаваць правядзення ў Беларусі насамрэч свабодных і дэмакратычных выбараў.