МУС Беларусі: Блакаваць працу журналістаў АМАП навучыўся ў Нямеччыне
41- 22.10.2009, 13:39

Міліцыяй распрацаваныя меры, якія зменяць фармат працы з журналістамі на масавых акцыях.
Пра гэта заявіў журналістам у Менску намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўген Полудзень.
«Найбліжэйшым часам прэса і міліцыя на акцыях змогуць працаваць наступным чынам: на акцыі будуць прысутнічаць прэс-афіцэры, супрацоўнікі МУС у сініх камізэльках, да якіх супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі могуць звяртацца па ўсіх пытаннях таго, што адбываецца», - цытуе Полудня «Інтэрфакс».
Ён адзначыў, што апошнім часам прадстаўнікі апазіцыйных рухаў «неаднаразова парушалі закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў». «Тым не менш, з боку кіраўніцтва МУС прыняты меры, каб супрацоўнікі міліцыі не заміналі працы журналістаў», - удакладніў ён.
Намеснік міністра ўнутраных спраў асоба падкрэсліў, што ў распрацоўцы комплекса мер па працы з журналістамі беларуская міліцыя абапіраецца на досвед калег з Нямеччыны.
«Падчас сваіх візітаў у Нямеччыну мы перанялі досвед працы паліцэйскіх на акцыях «правых», «левых», «зялёных». Там прэса не мае права здымаць на фота і відэа твары як супрацоўнікаў міліцыі, так і ўдзельнікаў акцый. Толькі агульны план. Мяркую, што такі досвед трэба пераняць», - сказаў ён.
Наммінстра таксама выказаў спагаду, што раней такі досвед не выкарыстоўваўся ў Беларусі. Акрамя гэтага, ён дадаў, што апроч прэс-афіцэраў у сініх камізэльках на акцыях будуць працаваць супрацоўнікі міліцыі ў чырвоных камізэльках, якія будуць весці перамовы з удзельнікамі несанкцыянаваных акцый, папярэджваючы іх пра адказнасць за парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў.
«Усе гэтыя меры будуць укараняцца найбліжэйшым часам. Я ўжо бачыў узоры гэтых камізэляк. Мы таксама найбліжэйшым часам давядзем да ведама прадстаўнікоў СМІ і грамадскасці поўную інфармацыю пра нашую далейшую працу ў гэтай сферы», - сказаў Я.Полудзень.
Як раней паведамляў сайт www.charter97.org, што падчас разгону мірнай акцыі салідрансці ў Менску 16 кастрычніка ўжо трэці раз за мінулы месяц заміналі працы журналістаў.
Калі пры разгоне былых дэманстрацый мы здолелі праз неверагодныя намаганні зрабіць хоць нейкія фоты і відэасведчанні бязмежжа, якое адбываецца, то гэтым разам журналісты не здолелі зняць практычна нічога.
Гэта прамое парушэнне артыкула 34 закона аб СМІ, які дае права журналістам прысутнічаць у месцах акцыяў і дэманстрацыяў, у месцах, дзе адбываюцца сацыяльна значныя мерапрыемствы. Гэта прамая забарона на прафесію. Я узгадваю словы міністр унутраных справаў Беларусі Анатоля Куляшова, які зусім нядаўна, напярэдадні 25-годдзя стварэння Упраўлення інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю, заявіў, што для журналістаў у МУС няма закрытых тэмаў і зачыненых дзвярэй. Цяпер трэба ад яго запатрабаваць адказу, хто даў загад не даваць журналістам працаваць 16 кастрычніка, і хто ажыццяўляў гэты загад», -- заявіла кіраўнічка Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна ў інтэрв'ю www.charter97.org.



Фота bymedia.net

Фота bymedia.net

Фота bymedia.net

Фота Белапан