На пасаду трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі прызначылі трэнера зборнай Украіны
18- 17.11.2009, 16:58

Галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі прызначаны галоўны трэнер хакейнага клуба «Юнасць» Міхаіл Захараў.
Пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміў прэс-сакратар міністэрства спорта і турызму Віталь Сямашка.
«Загадам міністэрства спорта на час падрыхтоўкі і правядзення Алімпійскіх гульняў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі прызначаны Міхаіл Захараў», - паведаміў Сямашка.
Варта нагадаць, што Міхаіл Захараў дагэтуль з’яўляецца трэнерам нацыянальнай зборнай Украіны па хакеі.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, 2 лістапада галоўны трэнер зборнай Глэн Хэнлан заявіў пра спыненне супрацоўніцтва з беларускай камандай. Такое рашэнне канадзец матываваў сваім маральна-псіхалагічным станам.
Раней, 20 кастрычніка Хэнлан быў адпраўлены ў адстаўку з пасады настаўніка менскага «Дынама» пасля хатняй паразы ад хабараўскага «Амура» (1:4). Разам з Хэнланам з менскага «Дынама» былі звольненыя намеснік гендырэктара па хакейных аперацыях Шон Сімпсан, а таксама асістэнты Дэйв Льюіс і Уладзімір Цыплакоў.