Беларускае мастацтва супраць дыктатуры (Фота, вiдэа)
- 2.11.2009, 15:40
З 29 кастрычніка па 5 лістапада ў гарадзкой ратушы Осла праходзіць выстава беларускіх мастакоў нон-канфармістаў «Мастацтва супраць дыктатуры».
На выставе прадстаўлена 32 працы адзінаццаці беларускіх мастакоў, якія жывуць у Беларусі і ЗША: Алеся Марачкіна, Алеся Пушкіна, Алеся Шатэрніка, Ягора Батальёнка, Генадзя Драздова, Міколы Купавы, Юлі Шатэрнік, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча, Алены Тылькінай і Сяргея Ардэна, паведамляе сайт www.belmuseum.org.
На адкрыцьці выставы ў будынку мэрыі горада Осла 29 кастрычніка прысутнічала каля 200 гасьцей, выступілі вядомыя нарвэскія палітыкі, прадстаўнікі лібэральнай і сацыялістычнай партыі Нарвэгіі, беларускія мастакі і дысідэнты Алесь Шатерник, Алесь Пушкін, Алена Тылькіна і Павел Марозаў. Мерапрыемства асвятлялася нарвежскім тэлебачаннем і радыё. Выставу падтрымалі беларускія музыкі - на адкрыцці са сваім музычным шоў выступіла этна-джаз група «Акана-НХС», якая мела вялікі поспех у публікі.
Каардынатар выставы, лідэр Кангрэса новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША Павел Марозаў адзначыў: «Выстава «Мастацтва супраць дыктатуры» рэалізуецца з лета 2008 гада. Яна прэзентуе альтэрнатыўную Беларусь, краіну вольна думаючых, творчых людзей, змешчаных у кантэксце эўрапейскай культурнай традыцыі, сваёй творчасьцю апануючых існым у Беларусі палітычным і сацыяльным рэаліям. Яна прыцягвае ўвагу да праблем свабоды культурнай дзейнасці і самавыяўлення, да правоў чалавека ў Беларусі. Бо немагчыма змяніць Беларусь, наблізіць яе да Эўропы толькі палітычнымі захадамі, але магчыма зрабіць гэта праз культуру, прышчапляючы культурныя каштоўнасьці і практыкі нашаму грамадзтву. Сёньня мы маем магутны культурны рух мастакоў, музыкаў, іншых творчых асоб, якія бачаць нашу краіну вольнай і эўрапейскай.
За гэты час выстава паспела пабываць у Парламэнце Эстоніі, музэях і вядомых фундацыях Нью Ёрка і Вашынгтона, дзе прыцягвала ўвагу публікі да праблем беларускай культуры і сытуацыі ў Беларусі.
Ратуша Осла - сымбалічнае і значнае месца ў Нарвэгіі, дзе ўручаецца Нобэлеўская Прэмія Міру. 10 сьнежня дадзеная прэмія менавіта тут будзе ўручана прэзідэнту ЗША Бараку Обаме. А крыху раней адбудзецца яшчэ адна падзея, якая злучыць Беларусь і ЗША: выстава беларускіх мастакоў нон-канфармістаў адкрыецца 23 лістапада ў Кангрэсе ЗША ў Вашынгтоне.
Выстава ў нарвэскім Осла арганізавана Кангрэсам новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША ў партнэрстве з «Маладымі лібэраламі» Нарвэгіі, Беларускім музэем у Нью Ёрку, эстонскай арганізацыяй «Новы Шлях для Беларусі», Беларускім моладзевым рухам Амэрыкі і супольнасьцю «Трэці Шлях».

Aлесь Шатэрнік, Алесь Пушкін, Павел Марозаў і Алена Тылькіна выступаюць перад аудыторыяй

Сцяна. Алесь Марачкін

Беларуская вясна-2006. Юлія Шатэрнік

Беларуская вясна-2006. Юлія Шатэрнік

Страта. Алесь Пушкін

Шчытаносцы. Алесь Марачкін

Сёння. Алесь Пушкін

Наведвальнікі выставы разглядаюць творы беларускіх масткаў

Наведвальнікі выставы разглядаюць творы беларускіх масткаў

Этна-джаз група "Акана-НХС" з Беларусі

Наведвальнікі выставы разглядаюць творы беларускіх масткаў

Сабраўшыеся на адкрыцці выставы слухаюць выступоўцаў

Творы Юліі Шатэрнік

Агульны выгляд залі