Напад АМАПа на журналістаў застаўся беспакараным (Фота)
16- 4.12.2009, 12:52

Вынікі нібыта праведзенай ГУУС Менгарвыканкама праверкі па фактах парушэння правоў журналістаў амапаўцамі не могуць знайсціся ўжо амаль два месяцы.
Нагадаем, што 23 верасня Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала у пракуратуру і МУС лісты, патрабуючы правесці расследаванне па фактах парушэнняў правоў журналістаў падчас правядзення акцыяў апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы. 30 кастрычніка журналісты атрымалі ліст з Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі (ГУУБ) Міністэрства ўнутраных справаў. У адказе за подпісам начальніка трэцяга ўпраўлення ГУУБ МУС Віталя Кісцернага паведамляецца, што па заяве праведзеная вычарпальная праверка ГУУС Менгарвыканкама, пра вынікі якой БАЖ быў паінфармаваны ў «вызначаным законам парадку».
Але ніякай паперы з вынікамі праверкі БАЖ так да гэтага часу і не атрымаў. Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміў кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў.
«Адказ прыйшоў з Упраўлення ўласнай бяспекі МУС, у якім паведамлялася, што разгледжаны зварот у Пракуратуру і МУС. Што праведзеная адпаведная праверка па гэтых фактах. А пра вынікі вам будзе паведамлена. Але што паведамлена — так і не зразумела да гэтага часу. Адказу з гэтага падраздзялення МУС БАЖ так і не атрымаў», - сказаў эксперт.
Па словах Пастухова, у сталічнай міліцыі паведамілі, што вынікі праведзенай праверкі былі накіраваныя ў БАЖ яшчэ 9 кастрычніка. І дзе ліст мог згубіцца, яны не разумеюць. І паабяцалі адправіць яго яшчэ раз. Гэтым разам — па факсе. Праўда, удакладнілі: «калі на гэта знойдзецца вольная хвілінка». Але вольнай хвілінкі не знайшлося да сённяшняга дня. Нягледзячы на тое, што юрысты БАЖ тэлефанавалі міліцыянтам і нагадвалі пра абяцанні даслаць ім гэты ліст з таго часу не аднойчы.
Як ужо паведамляў сайт www.charter97.org, у момант разгляду скаргі, 16 кастрычніка, падчас разгону мірнай акцыі салідарнасці супрацоўнікі АМАПа зноў блакавалі працу журналістаў. Калі падчас разгону акцыяў 9 і 16 верасня да кожнага журналіста прыстаўлялі па 2-3 чалавекі, дык ў гэты раз прадстаўнікоў СМІ атачалі па 5 амапаўцаў, якія хапалі аб'ектывы і пашкоджвалі апаратуру.
22 кастрычніка намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Яўген Полудзень заявіў, што міліцыяй распрацаваныя меры, якія зменяць фармат працы з журналістамі на масавых акцыях.
«У самы найбліжэйшы час прэса і міліцыя на акцыях змогуць працаваць наступным чынам: на акцыі будуць прысутнічаць прэс-афіцэры, супрацоўнікі МУС у сініх камізэльках, да якіх супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі могуць звяртацца па ўсіх пытаннях таго, што адбываецца», - сказаў Полудзень.
Намеснік міністра ўнутраных справаў асабліва падкрэсліў, што ў распрацоўцы комплексу мераў па працы з журналістамі беларуская міліцыя абапіраецца на досвед калегаў з Германіі.
«Падчас сваіх візітаў у Германію мы перанялі досвед працы паліцыянтаў на акцыях «правых», «левых», «зялёных». Там прэса не мае права здымаць на фота і відэа твары як супрацоўнікаў паліцыі, так і ўдзельнікаў акцыяў. Толькі агульны план. Думаю, такі досвед трэба пераняць», - сказаў ён.
У адказ на сцвярджэнне намесніка кіраўніка МУС Беларусі ў Звязе журналістаў Германіі заявілі, што «калі на дэманстрацыі паліцыя збівае людзей, праца журналіста — задакументаваць гэта».






Фота bymedia.net

Фота bymedia.net

Фота bymedia.net

Фота Белапан