У Менску прайшла акцыя супраць «міліцэйскага бязмежжа» (Фота)
- 10.02.2009, 14:14
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі ў цэнтры Менска акцыю пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў.
Некалькі моладзевых актывістаў вывесілі шматметровы плакат са словамі «Не міліцэйскаму бязмежжу» на праспекце Незалежнасці ў раёне Парка Чалюскінцаў.
«Сёння мы выказалі пратэст таму беззаконню, якое робіцца ў краіне пры прамым удзеле міліцыі і іншых сілавых структураў. Толькі з пачатку года мы сталі сведкамі найгрубейшых парушэнняў закона і правоў чалавека, якія сведчаць аб поўнай бескантрольнасці «сілавікоў», -- сказаў адзін з удзельнікаў акцыі.
Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС з дапамогай байцоў спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз" арыштавалі лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку. Пасля таго, як у іх кватэрах прайшлі ператрусы, прадпрымальнікаў павезлі ў Менск і даставілі ў турму на Акрэсціна. Іх вінавацяць у здзяйсненні падпалу хаты міліцыянта, які адбыўся 5 годаў таму.
Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі.


