Акцыя ў падтрымку палітвязняў прайшла ля будынка КДБ (Фота)
2- 13.02.2009, 9:03
12 лютага ля будынка КДБ у Менску актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі акцыю з патрабаваннем вызваліць арыштаваных Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенку.
Трое актывістаў кампаніі прынеслі да ўваходу скрыню з «рэчавымі доказамі» падпалу хаты міліцыянта, што адбыўся 5 год таму, у якім вінавацяць прадпрымальнікаў, - каністрамі з-пад бензіну, запалкамі і запальніцамі. Пасля яны разгарнулі расцяжку «свабоду палітвязням!», а астатнія ўдзельнікі акцыі пачалі раздаваць улёткі з інфармацыяй аб арышце Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі паабапал праспекта Незалежнасці.
Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС з дапамогай байцоў спецпадпаддзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз" арыштавалі лідэраў прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенку. Пасля таго, як у іх кватэрах прайшлі ператрусы, прадпрымальнікаў павезлі ў Менск і даставілі ў турму на Акрэсціна. Іх вінавацяць у здзяйсненні падпалу дома міліцыянта, які адбыўся 5 год таму.
Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў – былыя палітвязні, прысуджаныя да пазбаўлення волі па надуманым абвінавачванні за абарону правоў прадпрымальнікаў. У пачатку 2008 года мера пакарання ім была змененая на абмежаванне волі.



