Акцыі салідарнасьці з беларускімі палітзьняволенымі прайшлі ў Любліне й Варшаве (Фота)
- 17.03.2009, 9:04
Беларускія студэнты, што навучаюцца ў Польшчы па праграме Кастуся Каліноўскага, зладзілі ў Любліне й Варшаве акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі.
Учора ў Любліне ў цэнтры гораду моладзевыя актывісты арганізавалі пікет у падтрымку незаконна прызваных у войска Івана Шылы, Зьмітра Хведарука і Франака Вячоркі , а таксама распаўсюдзілі аб іх інфармацыйныя ўлёткі ва ўнівэрсытэтах гораду, піша старонка «Маладога Фронту».
У Варшаве акцыя салідарнасьці прайшла ля беларускай амбасады. Беларусы запалілі сьветачы ў паняць аб зьніклых, у гонар тых, хто зараз церпіць у Беларусі, і ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг. Супрацоўнікі амбасады асьцярожна падглядалі за моладзевымі актывістамі з вакон.
Нагадаем, у Беларусі зьніклі палітыкі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і журналіст Зьміцер Завадзкі.
На сёньняшні дзень у беларускіх турмах утрымліваюцца чацьвёра палітзьняволеных: прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў, Уладзімір Асіпенка і Арцём Дубскі - ўдзельнік «справы 14-ці» (крымінальнай справы, узбуджанай пасьля мірных леташніх акцыяў прадпрымальнікаў). Яшчэ дзесяці пакараным у «справе 14-ці» абмежаваньнем волі таксама пагражае зьняволеньне.




