Бел-чырвона-белыя сцягі да Дня Волі ў цэнтры Менска (Фота)
5- 23.03.2009, 9:22
У нядзелю актывісты «Маладога Фронту» развесілі па Менску нацыянальныя сцягі.
Такім чынам «Малады Фронт» віншуе менчукоў з маючым адбыцца святам гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе сайт mfront.net.
Маладыя людзі ўзнялі некалькі сцягоў незалежнай Беларусі каля аўтобусных прыпынкаў на Нямізе, а таксама на дамах у раёне станцыі метро «Фрунзенская».
Мінакі фатаграфавалі бел-чырвона-белыя сцягі.
А на мосце каля станцыі метро «Няміга» была вывешаная расцяжка з нацыянальным лозунгам «Жыве Беларусь!»
Таксама напярэдадні Дня Волі моладзевыя актывісты правялі інфармацыйную акцыю, раздаючы мінакам каля Камароўскага рынка ўлёткі з запрашэннем на святкаванне 91-ай гадавіны БНР.
«Шматлікія менчукі ведаюць аб акцыі, якая адбудзецца 25 сакавіка ў Менску, асабліва, як ні дзіўна, людзі сталага ўзростуку. Таму яны з задавальненнем бралі запрашэнні на святкаванне», - кажа актывіст «Маладога Фронту» Стась Сцесік.
Нагадаем, святочнае шэсце ў Дзень Волі пачнецца 25 сакавіка ў 18.00 каля Акадэміі навук у Менску.








