Том Стопард і Мікалай Халезін: «Рок-н-Рол» для пакалення «Jeans»
1- 8.04.2009, 14:52
Вядомы брытанскі драматург Том Стопард і рэжысёр беларускага «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін выдалі свае волялюбныя п’есы пад адной джынсавай вокладкай.
У кнігу ўвайшлі п’еса Тома Стопарда «Рок-н-Рол» (пра падзеі Пражскай вясны 1968 году), а таксама працы Мікалая Халезіна «Пакаленне Jeans» і «Спасціжэнне кахання» (у суаўтарсве з Наталляй Калядой). Чырвонай ніткай праз усе п’есы — тэма свабоды, вонкавай і ўнутранай, а таксама спробы наладзіць людскія стасункі ва ўмовах таталітарнага грамадства, піша газета «Наша Ніва».
Магчыма, вынікам намаганняў аўтараў падаць лёс цэлага пакалення ёсць споведзь прыватнага чалавека.
Прэм’ера монаспектакля «Пакалення Jeans» адбылася ў «Свабодным тэатры» ў 2006 годзе: тады ў тэатральным аглядзе брытанскай газеты The Guardian спектакль дастаў найвышэйшы бал. У «Пакаленні» галоўны герой апавядае пра паўпадпольны гандаль замежнымі кружэлкамі ў Мінску 80-ых, і потым перакідваецца на апісанне пра адсідку «на сутках» за удзел у палітычнай акцыі ўжо ў цяперашняй РБ.
Кожная п’еса выкладзеная на трох мовах: беларускай, ангельскай і расійскай — выбірай любую.
Прадмову да кнігі напісаў былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел.


