Пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу за збіццё моладзі 14 лютага (Фота, відэа)
2- 9.04.2009, 9:11
Пракуратура Савецкага раёна Менска «не лічыць грамадска небяспечным дзеяннем» збіванне АМАПам удзельнікаў мірнага шэсця моладзі ў сталіцы ў Дзень святога Валянціна.
Сумесную заяву аб правядзенні пракурорскай праверкі па факце разгону акцыі і збіцці ейных ўдзельнікаў падавалі актывісты «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, Павел Кур’яновіч, Вадзім Ханяўка і Мікола Дземідзенка, нагадвае сайт mfront.net.
У адказе пракуратуры адзначаецца, што ў распачынанні крымінальнай справы адмоўлена на падставе п.1.ч.1 арт. 29 УКК – «за адсутнасцю грамадска небяспечнага дзеяння».
«Адмоўны адказ пракуратуры быў прадказальны - пракуратура, як гаворыцца, пакрывае злачынныя дзеянні міліцыянтаў. Але, нягледзячы на гэта, мы будзем абскарджваць адмову раённай пракуратуры ў пракуратуры Менска», - каментуе адзін з менскіх лідэраў «Маладога Фронту» Павел Кур’яновіч.
Нагадаем, што 14 лютага ў Менску была жорстка разагнаная акцыя моладзі, прымеркаваная да Дня святога Валянціна. Супраць удзельнікаў мірнай акцыі быў кінуты АМАП, узброены дубінкамі.



Фота Антона Матолькі

Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша Ніва"

Фота Юліі Дарашкевіч, "Наша Ніва"