Беларускі «Свабодны тэатр» з трыюмфам выступіў у Францыі (Фота)
6- 27.05.2009, 15:24
Гэтым разам менскі тэатральны калектыў прэзэнтаваў свае спектаклі ў Нансі і Дыжоне, на фэстах Passages і Theatre en Mai.
Беларуская трупа паказала французскай публіцы спектаклі «Зона маўчання» у пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня, «Пакаленне Jeans» і «Спасцігаючы каханне» у пастаноўцы Мікалая Халезіна. Чатыры спектаклі прайшлі ў Нансі, у межах фэсту Passages, і шэсць у сталіцы Бургундыі Дыжоне, у межах традыцыйнага фэсту Theatre en Mai. Калі ў Нансі беларускую трупу добра ведаюць па выступе на фэсце 2007 года, дык у Дыжоне «Свабодны тэатр» выступіў упершыню, - распавядае рэжысёр тэатра Мікалай Халезін.
Цікава, што ў межах фэсту Passages у Нансі, які праходзіць раз у два гады, адзін са спектакляў – «Пакаленне Jeans» – быў паказаны ў другі раз. Гэты беспрэцэдэнтны выпадак адбыўся пасля таго, як арганізатары фэсту атрымалі вялікую колькасць лістоў гледачоў, з просьбамі прывезці гэты спектакль у Нансі яшчэ раз. Гэтым разам спектакль быў паказаны ў адзін вечар з другой часткай дылогіі «Пакаленне Jeans» – спектаклем «Спасцігаючы каханне». Спектаклі былі паказаныя ў дзень нараджэння Анатоля Красоўскага – беларускага бізнэсмэна і грамадскага дзеяча, выкрадзенага і забітага ў верасні 1999 года. Трупа «Свабоднага тэатра» прысвяціла гэтыя паказы яго памяці, абвясціўшы пра гэта пасля заканчэння спектакляў.
Гастролі беларускага тэатральнага калектыва традыцыйна прыцягваюць увагу публікі і прэсы. Не стаў выключэннем і травеньскі тур – чарада сустрэчаў з публікай і вялікая колькасць інтэрв'ю суправаджалі паказы спектакляў «Свабоднага тэатра» у абодвух французскіх гарадах.
У Дыжоне арганізатары спецыяльна для паказаў спектакляў «Свабоднага тэатра» збудавалі дзве сцэнічныя пляцоўкі, стварыўшы, па-сутнасці, міні-горад, які ўключаў у сябе не толькі сцэны, але і неабходную інфраструктуру – кухню, бар, лаўндж для адпачынку гледачоў паміж спектаклямі. Пляцоўка для спектакля «Зона маўчання» была ўладкаваная ў былой казарме XIX стагоддзі, а для «Пакаленні Jeans» збудаваны спецыяльны намёт, які ўключаў у сябе ўсе неабходныя памяшканні для працы трупы.
Пільная ўвага публікі і крытыкі была звернутая да спектакля «Зона маўчання», які быў паказаны ў Францыі ўпершыню. Рэжысёр спектакля Уладзімір Шчэрбань не хаваў задавальнення ад пяціразовага паказу спектакля: «Было невялікае хваляванне перад першым паказам спектакля ў Нансі, паколькі мы хваляваліся, ці зразумеюць французы выключна беларускі матэрыял. Але хваляванні былі дарэмнымі, і спектаклі прайшлі на надзвычай высокай ноце. Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што французская публіка адна з самых тэатральна-адукаваных у Еўропе, і, ужо дакладна, самая эмацыйная». Словы беларускага рэжысёра паўтараў прэзідэнт фэсту ў Дыжоне, выбітны французскі акцёр Франсуа Шато: «Спектакль «Зона маўчання» стаў надзвычайнай фінальнай кропкай фэсту. Пры яго праглядзе шмат хто з нас, французаў, змог адчуць сябе беларусамі. Мабыць, менавіта такім павінен быць сучасны патрыятызм – прасякнуты любоўю да людзей, якія жывуць у сваёй краіне. Я вельмі спадзяюся на тое, што нашае супрацоўніцтва з беларускім калектывам працягнецца ў будучыні».
Асаблівая цікавасць узнікла ў французскіх тэатральных спецыялістаў да методыкаў працы беларускіх пастаноўшчыкаў з акцёрамі. «Цікавасць да нашых адукацыйных і пастановачных методыкаў даволі ўстойлівая ў розных краінах. Мы працавалі з галандскай школай мастацтваў DasArts, Еўрапейскім дзяржаўным універсітэтам, у верасні гэтага года правядзем курс у Каліфарнійскім інстытуце мастацтваў. Французскія калегі прапанавалі нам маштабную праграму – тур майстар-класаў і курсаў у тэатральных вну па некалькіх гарадах Францыі. Мы далі папярэднюю згоду, паколькі лічым адукацыйны праект «Свабоднага тэатра» адным з прыярытэтных. Сёння нас цікавіць не толькі нашая праца з замежнымі студэнтамі і абкатка ўласных методыкаў, але і запрашэнне лепшых замежных спецыялістаў у Беларусь для працы з нашымі студэнтамі ў межах тэатральнай лабараторыі Fortinbras, якая распачала сваю дзейнасць у кастрычніку 2008 года», – пракаментавала перамовы з кіраўнікамі абменных праграмаў дырэктар «Свабоднага тэатра» Наталля Каляда.
Акрамя ўласна паказаў спектакляў, у Нансі і Дыжоне прайшлі SolidParty, якія праводзяцца беларускім «Свабодным тэатрам» у розных гарадах свету. Традыцыйна, месца за дыджэй-пультам на іх займае Лаўр «Dj Laurel» Бержанін, які ініцыяваў праект салідарнасці ды-джэяў з Беларуссю, і запрошаныя ды-джэі з той краіны, дзе праходзіць чарговае SolidParty. У Дыжоне менавіта сэт Dj Laurel сканчаў паці, прысвечанае закрыццю фэсту.

Праекцыя відэафрагментаў спектакляў-удзельнікаў фэсту на сцяну тэатра «Мануфактура» у Нансі

Галоўны тэатр Дыжона, размешчаны ў адным з храмаў, якія раней належалі каталіцкай царкве

Слэм – паядынак драматургаў, якія чытаюць свае кароткія тэксты, у фае тэатра

Падрыхтоўка сцэнічнай прасторы ўнутры казармы XIX стагоддзя для спектакля «Зона маўчання»

Прэзідэнт фэсту Франсуа Шато прэзэнтуе «Свабодны тэатр» публіцы на традыцыйнай сустрэчы пасля спектакля

Аўдыторыя запоўненая не толькі на спектаклях, але і падчас сустрэчаў трупы з гледачамі

Памочнік рэжысёра Святлана Сугака. Сёлета на французскі тур выпаў яе дзень нараджэння

Сцэна са спектакля «Пакаленне Jeans»

Сцэна са спектакля «Зона маўчання. Легенды дзяцінства»

Сцэна са спектакля «Зона маўчання. Іншыя». Яна Русакевіч

Сцэна са спектакля «Зона маўчання. Лічбы»

Апладысменты пасля спектакля

Лаўр «Dj Laurel» Бержанін. Завяршальны сэт дыжонскага фэсту

Фінальнае паці фэсту. Прыступкі галоўнага тэатра Дыжона