Акцыя салідарнасці з палітвязнямі на праспекце Незалежнасці Менска (Фота)
- 29.06.2009, 10:34
Новая акцыя салідарнасці з арыштаванымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі прайшла на выходных у цэнтры Менска.
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі яе каля будынка Галоўпаштамта на праспекце Незалежнасці, недалёка ад СІЗА №1 Менгарвыканкама, дзе трымае галадоўку пратэсту палітвязень Мікалай Аўтуховіч. У руках моладзевыя актывісты трымалі партрэт палітвязня. Галоўнай мэтай акцыі быў распаўсюд інфармацыі, таму жыхарам горада раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра беларускіх вязнях сумлення. Як высветлілася, шмат хто менчукоў ўжо добра ведае пра «справу Аўтуховіча». Некаторыя мінакі казалі ўдзельнікам акцыі словы падзякі і падтрымкі, паведамляе сайт jeans-by.com.
Нагадаем што лідэры прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага 2009 года. Праваабаронцы лічаць арыштаваных палітвязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай грамадскасцю вязнямі сумлення. Мікалай Аўтуховіч трымае бестэрміновую галадоўку пратэсту з 16 красавіка. Ён патрабуе перадачы яго справы ў суд ці вызвалення пад падпіску аб невыяздзе.

