Падчас ваенных вучэнняў у верасні ў Беларусь увойдуць дзве арміі РФ
68- 5.06.2009, 15:18

Раней меркавалася, што расейскіх салдатаў у Беларусь прыедзе не так шмат.
Пра тое, што дзве расейскія арміі ў поўным складзе прыедуць на аператыўна-стратэгічныя вучэнні «Захад-2009», заявіў начальнік Генштаба Узброеных сілаў Расеі Мікалай Макараў, перадае РИА «Новости».
Ён адзначыў, што арміі, якія ўвядуць у Беларусь, будуць «у поўным складзе».
Нагадаем, што шырокамаштабныя вучэнні «Захад-2009» прызначаныя на 8-29 верасня.
Асаблівасцю вучэнняў, якія маюць адбыцца, будзе не толькі іх маштабнасць, але і тое, што падчас беларуска-расейскага вучэння «Захад-2009» будзе ўдакладненая сістэма кіравання рэгіянальнай групоўкі войскаў.
Адзначым, што ў лютым 2009 года меркавалася, што з расейскага боку ў вучэннях «Захад» прымуць удзел толькі пяць тысячаў расейскіх вайскоўцаў.
Чакалася, што вучэнне, якое мае адбыцца, стане самым маштабным па сілах і сродках, якія прыцягваюцца са складу сумеснай беларуска-расейскай групоўкі войскаў. Адпачатку планавалася, што ў ім прымуць удзел да 13 тысячаў вайскоўцаў. З расейскага боку будуць задзейнічаныя сухапутныя войскі і ваенна-паветраныя сілы (уключаючы авіяцыю, зенітныя ракетныя войскі і радыётэхнічныя войскі).