Бел-чырвона-белы сцяг лунае над Плешчаніцамі (Фота)
8- 14.07.2009, 10:44
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» працягваюць кампанію па вывешванні нацыянальных сцягоў.
Чарговае палотнішча было ўзнятае над гарадскім пасёлкам Плешчаніцы (Лагойскі раён, Менская вобласць). Апазіцыянеры замацавалі бел-чырвона-белы сцяг на вышцы вышынёй у 100 метраў, якая праглядаецца з усіх канцоў горада, а таксама з трасы Менск-Віцебск, паведамляе jeans-by.com. У апошні час нацыянальныя сцягі ўсё часцей сталі з'яўляцца ў рэгіёнах Беларусі.
Нагадаем, што з 14 красавіка па 14 мая ў перадпачатку гадавіны рэферэндуму аб змене нацыянальных сімвалаў прайшла першая акцыя з патрабаваннем легалізавання бел-чырвона-белага сцяга. Тады нацыянальныя палотнішчы з'яўляліся над цэнтрам Менска штодня. C 14 чэрвеня акцыя працягнулася. Зараз сцягі над горадам будуць з'яўляцца стала да таго моманту, пакуль улады не адменяць забарону на іх публічнае выкарыстанне і не вернуць бел-чырвона-беламу сцягу статус нацыянальнай сімволікі. Акрамя таго, бел-чырвона-белыя сцягі будуць з'яўляцца і ў іншых беларускіх гарадах.


