У цэнтры Менска патрабавалі вызвалення Мікалая Аўтуховіча (Фота)
2- 2.07.2009, 13:25
Новую акцыю салідарнасці з палітвязнямі правялі 1 ліпеня ў Менску актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».
Моладзевыя актывісты сабраліся ля Купалаўскага сквера і трымалі ў руках расцяжку «Свабоду Аўтуховічу!».
Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага і змешчаныя ў СІЗА №1 ГУУС Менгарвыканкама.
У знак пратэсту супраць крымінальнага пераследу і таго, што справа фактычна не вядзецца, 16 красавіка Мікалай Аўтуховіч абвесціў бестэрміновую галадоўку. Палітвязень патрабуе накіраваць справу ў суд альбо вызваліць яго пад падпіску аб невыяздзе, а таксама вызваліць Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку, якія праходзяць па адной з ім справе. Аўтуховіч галадае ўжо 78-ы дзень, і яго жыццё знаходзіцца ў сур'ёзнай небяспецы.
Нядаўна стала вядома, што следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў працягнулі да 3 ліпеня. За чатыры месяцы сваякам палітвязняў дагэтуль не дазволілі ніводнага спаткання.
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.


