У рэгіёнах прайшлі новыя акцыі ў падтрымку Арцёма Дубскага (Фота)
- 19.08.2009, 11:50
Новыя акцыі інфармацыйнай кампаніі «Свабоду Арцёму Дубскаму» адбыліся ў Воранава (Гарадзенская вобласць) і Гомелі.
Актывісты «Маладога фронту» распаўсюдзілі фатаграфіі палітвязня, які знаходзіцца ў следчым ізалятары Бабруйска.
Сёння ў Воранава моладзевыя актывісты расклеілі інфармацыйныя плакаты «Свабоду Дубскаму!». Плакаты з'явіліся на прыпынках, дошках абвестак, пад'ездах, ліхтарных слупах, паведамляе mflida.org.
Акрамя таго, інфармацыйныя акцыі прайшлі ў Гомелі.
Нагадаем, што 7 ліпеня Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з'ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджання аб парушэнні правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.
Таксама ў турме застаюцца ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка, якія былі арыштаваныя 8 лютага. Трэці арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік Юры Лявонаў быў вызвалены з-пад варты 8 жніўня. У дачыненні да яго спыненыя следчыя дзеянні. Як чакаецца, судовы працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа пачацца ў лістападзе.
Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.








