Генерал Усхопчык: «Трупы да тэлевежы ў Вільні звазіліся з ўсёй Літвы»
41- 18.09.2009, 12:52
Экс-намеснік міністра абароны Беларусі, якога шукае Генпракуратура Літвы, адказаў на пытанні журналістаў.
Генерал-лейтэнант у адстаўцы Уладзімір Усхопчык, камандзір віленскага гарнізона савецкай арміі ў 1991 годзе і былы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь у пачатку 2000-х гадоў, зараз працуе ў кампаніі «Белзнешпрамсэрвіс».
Уладзімір Усхопчык сказаў, што ні ад каго не хаваецца і гатовы адказаць на пытанні.
Журналісты «Радыё Свабода» нагадалі былому намесніку міністра пра гутарку, якая вялася адносна яго ў Вільні падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі. «Калі ёсць прэтэнзіі да тых, хто жыве ў нас, тады ёсць міжнародныя правілы, у адпаведнасці з якімі вы можаце выставіць прэтэнзіі», — адказаў Аляксандр Лукашэнка літоўскім журналістам, якія пацікавіліся, чаму Менск не выдае Літве Уладзіміра Усхопчыка. — «Калі ласка, прывязіце матэрыялы, і мы будзем прымаць адпаведныя рашэнні», — заявіў ён.
Уладзіміра Усхопчыка спыталі, не ці баіцца ён, што цяпер яго выдадуць у Літву, дзе яго падазраюць ва ўдзеле ў «спробе перавароту» у студзені 1991 года? На гэта Уладзімір Усхопчык адказаў:
«Тое, што аб мне кажуць, быццам я прымаў рашэнні, пасля чаго загінулі людзі, гэта цалкам няпраўда. Як маглі загінуць людзі, калі я нават не даваў каманды, каб асабовы склад атрымліваў боепрыпасы? І другое, гэта больш палітычныя падзеі. Вінаватых трэба шукаць не ў Менску, а ў іншым месцы».
Уладзімір Усхопчык дагэтуль не выключае, што падзеі студзеня 1991 года, калі падчас захопу вайскоўцамі тэлецэнтру загінулі мірныя жыхары, маглі быць «правакацыяй», а «трупы да тэлевежы звазіліся з ўсёй Літвы». Пры гэтым генерал не кажа ўсяго, што ведае пра ўдзел вайскоўцаў у тым канфлікце:
«Справа не ў тым, хто там быў. Я шмат ведаю, хто там быў і адкуль. Гэтае пытанне трэба адрасаваць да Масквы, да таго кіраўніцтва. А за сваіх я адказваю, што ніводзін патрон для гэтых мэтаў не патрапіў да салдата ці афіцэра гарнізону».
Чаму пры гэтым Уладзімір Усхопчык ухіляецца ад размовы з літоўскімі следчымі, якія расследуюць гэтую справу і падазраюць яго ва «удзеле ў спробе перавароту»?
«Я чаму з'ехаў? Мяне перавялі па службе. А ў Вільню я прыехаў з Аўганістану, Вільню — прыгожы горад, прыгожая краіна. Я ўвогуле збіраўся там застацца. А тут нейкі пераварот рабіць мне, камандзіру дывізіі? Смешна», - кажа генерал.
На пытанне, «а калі б вас зараз выклікалі ў літоўскую пракуратуру, вы б з'явіліся?», Усхопчык адказаў:
«У літоўскую пракуратуру? А ў мяне ёсць свая пракуратура, нашай рэспублікі».
Па словах экс-намесніка міністра абароны спадара Усхопчыка, да яго беларуская пракуратура ніколі не звярталася, як і літоўская. Уладзімір Усхопчык сказаў, што яшчэ 18 гадоў таму ён даваў тлумачэнні па гэтай справе следчым Савецкага Саюза, але «той краіны ўжо няма».
У Генеральнай пракуратуры Літвы паведамілі, што адтуль з 1993 года неаднаразова дасылаліся запыты ў Генеральную пракуратуру Беларусі адносна Уладзіміра Усхопчыка ў сувязі з падзеямі 1991 года. Галоўны пракурор аддзела міжнародных сувязяў і прававой дапамогі Раландас Тыліндзіс сказаў, што Уладзімір Усхопчык разам з некаторымі іншымі людзьмі застаецца падазраваным у справе, якая дагэтуль не закрытая:
«Танкі, якія былі ў дывізіі пад кіраўніцтвам Усхопчыка, не маглі апынуцца каля тэлевежы без яго ведама. Таму мы мяркуем, што маем падставы задаць пытанні адносна нашых падазрэнняў».
Раландас Тыліндзіс мяркуе, што ў сувязі з заявамі Аляксандра Лукашэнка адносна Уладзіміра Усхопчыка «з'явіўся новы імпульс у расследаванні гэтай справы».

Шматтысячны мітынг каля сценаў парламента пасля захопу савецкімі войскамі Віленскага тэлецэнтра 14 студзеня 1991 года. Падчас аперацыі ў ноч з 13 на 14 студзеня 1991 года загінулі трынаццаць мірных жыхароў.








