У рэгіёнах патрабуюць вызвалення палітвязня Дубскага (Фота)
- 28.09.2009, 9:43
Актывісты «Маладога фронту» правялі акцыю ў абарону ўдзельніка «Працэсу 14-ці» Арцёма Дубскага.
У Гомелі і Жлобіне з'явіліся дзесяткі партрэтаў арыштаванага актывіста «Маладога фронту» Дубскага. Яны былі расклееныя на грамадскіх прыпынках, ліхтарных слупах, сценах будынкаў.
Нагадаем, што 7 ліпеня Арцём Дубскі быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». У 2008 годзе моладзевы актывіст быў вымушаны з'ехаць ва Украіну ў сувязі з тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два надуманыя папярэджанні аб парушэнні правілаў адбыцця пакарання. Дубскі быў затрыманы 13 лютага 2009 года ў Гомелі.
«Справа 14-ці» – справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджанае ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.
За ўдзел у гэтай акцыі 14 моладзевых актывістаў былі прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення і абмежавання волі. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.


