Сумесны пікет ля ГУМа: Беларусы вераць у перамогу (Фота, відэа)
65- 29.10.2010, 16:03

У «парадзе пікетаў» каля менскага ГУМа прынялі ўдзел больш за сотню чалавек.
У апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі, у асноўным, прынялі ўдзел ініцыятыўныя групы лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава і лідара кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева. Іншыя прэтэндэнты Мікалай Статкевіч і Віталь Рымашэўскі прынялі ўдзел у акцыі сімвалічна.
Спачатку акцыі падтрымаць Андрэя Саннікава на пікет прыехаў Станіслаў Шушкевіч. З'яўленне першага кіраўніка незалежнай Беларусі выклікала сапраўдны фурор сярод мінакоў - ад жадаючых сфатаграфавацца з Шушкевічам не было адбою, піша газета «Наша Ніва».
Неўзабаве пад'ехаў і сам Саннікаў. Яго адразу ж атачылі актывісты «Еўрапейскай Беларусі» і простыя менчукі, якія знаходзіліся ў гэты час ля ГУМа. Напрыклад, мужчына сярэдніх гадоў, выйшаўшы з ГУМа і ўбачыўшы Саннікава, адразу падышоў да яго і ўручыў толькі што набытую флэшку са словамі: «Вось вам новая, замест канфіскаванай падчас ператрусу».
Людзі віталі лідара «Еўрапейскай Беларусі» скандаваннем «Саннікаў!» і «Жыве Беларусь!».
Да акружанага людзьмі Саннікава падышоў і лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў. Палітыкі не рабілі сумесных заяваў, але паціснулі адзін аднаму рукі.
Падчас пікету Андрэй Саннікаў заявіў сайту charter97.org:
«Гэта вельмі эмацыйны момант. Людзі зараджаныя на дзеянні, вераць, што мы пераможам. Я адчуваю велізарную падзяку да маіх прыхільнікаў за тое, што вельмі складаны працаёмкі працэс збору подпісаў яны правялі з бляскам. За гэты час нашая каманда адужэла, прыйшлі новыя прыхільнікі, якія паверылі ў тое, што менавіта мы здольныя прывесці Беларусь да нармальнага жыцця. Безумоўна, зараджаешся ад людзей энергіяй, але і разумееш сваю адказнасць за тое, каб намаганні гэтых людзей не зніклі дарма. Я бачу, што народ сапраўды абуджаецца, што людзі пачынаюць верыць у свае сілы і верыць у нашую перамогу», - заявіў Андрэй Саннікаў.
















