«Зачыстка» акцыі салідарнасці з Саюзам палякаў у Менску (Фота, відэа)
67- 16.02.2010, 18:19

Каля сотні супрацоўнікаў АМАПа былі кінутыя 16 лютага на разгон акцыі салідарнасці з рэпрэсаванымі беларускімі палякамі.
У 18:00 на Кастрычніцкай плошчы Менска павінна была прайсці мірная акцыі салідарнасці з арыштаванымі лідэрамі Саюза палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам, Ігарам Банцарам і Мячыславам Яскевічам і беларускімі палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімірам Асіпенкам, Арцёмам Дубскім.
Аднак да гэтага часу плошча была запоўненая супрацоўнікамі АМАПа ў цывільным. Тут жа стаялі міліцэйскія аўтобусы. У журналістаў, якія прыйшлі асвятляць акцыю, амапаўцы ў цывільным патрабавалі паказаць дакументы, не паказваючы пры гэтым сваіх пасведчанняў.
Як толькі на плошчы з'явіліся ўдзельнікі акцыі – пачалася «зачыстка». Актывістаў апазіцыі, якія падыходзілі на плошчу, адразу ж арыштоўвалі і з ужываннем сілы зацягвалі ў аўтобусы, якія стаялі тут жа. Збіваючы, людзей цягнулі проста па снезе.
Арышты адбываліся і на праспекце Незалежнасці, калі людзі выходзілі з метро, аўтобусаў і маршрутных таксі.
Пры гэтым супрацоўнікі АМАПа зноў не давалі журналістам здымаць сілавы захоп дэманстрантаў. Журналістам закрывалі камеры рукамі, іх піхалі, збівалі і ламалі апаратуру. Амапаўцы ў цывільным паводзілі сябе традыцыйна па-бандыцку, не паказваючы ніякіх дакументаў. На пытанні, хто яны такія, заяўлялі, што «проста мінакі». На пасведчанні журналістаў яны не звярталі ніякай увагі.
На плошчы прысутнічаў толькі адзін міліцыянт у форме, які абвяшчаў у мегафон, што з 23 лютага ўступаюць у сілу змены ў КоАП, якія забараняюць распіваць піва ў грамадскім месцы. І гэты адзіны супрацоўнік міліцыі ў форме ніяк не рэагаваў на напад невядомых у цывільным на людзей.
У 18.30 некалькі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» змаглі выйсці на плошчу з транспарантам, на якім былі напісаныя словы «За нашу і вашу свабоду!». Аднак іх адразу ж арыштавалі, адабраўшы расцяжку.
Сярод затрыманых удзельнікаў акцыі салідарнасці: лідэры грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Максім Вінярскі, намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка, лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч і іншыя. Вядома таксама аб затрыманні фотакарэспандэнткі газеты «Наша Ніва» Юліі Дарашкевіч. Як паведаміў сайту charter97.org Павал Юхневіч, усяго былі арыштаваныя 24 чалавекі.
Арыштаваных дэманстрантаў даставілі ў Цэнтральны РУУС Менска. Там апазіцыянераў прымусілі стаяць тварам да сцяны, не рухаючыся. Вызваленыя яны былі праз гадзіну без складання пратаколаў.










Атрымалася сфатаграфаваць твары некаторых амапаўцаў у цывільным, якія нападалі на журналістаў і ўдзельнікаў акцыі.





Фота ByMedia.net