«Каля Чырвонага касцёла»: За нашу і вашу свабоду! (Фота, відэа)
21- 16.02.2010, 19:02
Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» усё ж здолелі правесці акцыю салідарнасці на плошчы Незалежнасці.
16 лютага ў 17.30 актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» прыйшлі да касцёла святых Сымона і Алены (Чырвонага касцёла) на плошчы Незалежнасці ў Менску. У акцыі ўдзельнічалі лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў, Зміцер Бародка, Аляксандр Атрошчанкаў, Уладзімір Лемеш і іншыя.
Удзельнікі акцыі трымалі партрэты арыштаваных 15 лютага лідэраў Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, Ігара Банцара і Мечыслава Яскевіча, палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Арцёма Дубскага, а таксама расцяжку «З богам! За нашу і вашу свабоду!», беларускія і польскія нацыянальныя сцягі.
«Сёння 16 лютага - дзень салідарнасці са змагарамі за свабоду Беларусі, з палітвязнямі. І гэта не супадзенне, што напярэдадні адбыліся падзеі, якія яскрава прадэманстравалі сутнасць рэжыму Лукашэнкі. Рэпрэсіі прымаюць небяспечны для людзей характар. Пераапранутыя слугі рэжыму збіваюць людзей, здзекуюцца з іх. Галоўная іх задача, каб ніхто не даведаўся пра іх дзеянні, таму журналісты сёння падвяргаюцца такой жа небяспецы, як і ўдзельнікі акцый: іх могуць збіць, пакалечыць, катаваць у міліцыі, у турме. Аднак у Беларусі становіцца больш людзей, гатовых рашуча адстойваць свае правы, правы сваіх таварышаў, усіх тых, хто змагаецца за свабодную Беларусь. Мы выйшлі для таго, каб прадэманстраваць салідарнасць з Саюзам палякаў Беларусі, з палітвязнямі, з усімі тымі, хто сёння жыве і змагаецца ў нашай краіне», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org лідэр «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.
«На жаль, нашае скептычнае стаўленне да прапанаванага Еўропай дыялогу цалкам пацвердзілася. Немагчыма ўздзейнічаць на рэжым, асноўным дасягненнем якога з'яўляецца знішчэнне правоў і свабодаў чалавека ў краіне. Нельга ізаляваць Беларусь, але неабходна ізаляваць рэжым Лукашэнкі, які пагражае жыццю і здароўю мірных грамадзян. Еўропе час зразумець, што ціск адбываецца не толькі на Саюз палякаў, а на ўсё жывое і свабодалюбнае ў Беларусі, і нельга заплюшчваць на гэта вочы», - адзначыў палітык.
Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» таксама раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй пра рэпрэсіі ў дачыненні да польскай меншасці.






