Нікаля Cарказі: Еўразвяз працягне ціск на беларускі рэжым
35- 17.10.2011, 16:51

Францыя настойвае на неадкладным вызваленні ўсіх палітвязняў Беларусі.
Пра гэта гаворыцца ў лісце прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі да старшыні руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча.
У сваім лісце да прэзідэнта Францыі Мілінкевіч напісаў пра жорсткія ўмовы ўтрымання палітвязняў у беларускіх турмах і працяг рэпрэсій.
«Для Францыі, як і для ейных еўрапейскіх партнёраў, вызваленне і спыненне пераследу палітычных зняволеных, асуджаных пасля падзеяў 19 снежня, - абавязковая ўмова для аднаўлення дыялогу. Краіны ЕЗ асабліва ўважліва адсочваюць ўмовы ўтрымання асуджаных прадстаўнікоў апазіцыі», - гаворыцца ў лісце французскага прэзідэнта.
Сарказі нагадвае, што ў ЕЗ увялі візавыя санкцыі і замарозілі рахункі асоб, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях, а таксама наклалі эмбарга на ўвоз ўзбраенняў і рэпрэсіўных сродкаў. Паводле прэзыдэнта Францыі, «ЕЗ працягне палітычны ціск на беларускі рэжым да паляпшэння сітуацыі», паведамляе прэс-служба руху «За свабоду».
«У гэтым кантэксце Францыя выступае за падаўжэнне спісу індывідуальных санкцый у адносінах да асоб, якія прымалі ўдзел у рэпрэсіях, накіраваных супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці», - гаворыцца ў лісце прэзідэнта.