У Барысаве два дні страйкавалі смеццяры (Фота)
166- 25.10.2011, 11:01

Людзі патрабавалі павышэння заробкаў.
Працаўнікі дзяржпрадпрыемства УП «Жыллё», якое забяспечвае прыбіранне і вываз смецця ў Барысаве, сёння другі дзень працягвалі страйк, патрабуючы павышэння заробкаў, паведамляе ex-press.by.
«У нас ёсць людзі, якія на месяц атрымліваюць 600-700 тысяч рублёў... Максімум, што можна атрымаць (гэта калі прапрацаваў усё жыццё на адным месцы) мільён семсот», - цытуе выданне аднаго са страйкоўцаў.
Страйкоўцы не вывозілі смецце, але ў працоўны час прысутнічалі на тэрыторыі прадпрыемства. Учора, у першы дзень страйку, «дамовіцца» з працаўнікамі паспрабаваў дырэктар УП «Жыллё» Мікалай Шархун, але з-за адсутнасці выразных абяцанняў перамовы скончыліся нічым.
Сёння, у другі дзень страйку, на прадпрыемства прыехалі прадстаўнікі Барысаўскага райвыканкама і Камітэта дзяржкантролю РБ.
Тым часам, фотакарэспандэнт Аляксандр Зянкоў, які супрацоўнічае з незалежным барысаўскім сайтам ex-press.by, быў затрыманы сёння каля дзевяці гадзін раніцы на тэрыторыі спецаўтагаспадаркі падчас здымкі страйкоўцаў. Як паведаміў Аляксандр па мабільным тэлефоне, у міліцыі ў яго адабралі апаратуру.
А адзінаццатай гадзіе раніцы страйкоўцы прыступілі да працы. Перамовы з уладамі прывялі да вынікаў, якія задаволілі працаўнікоў. Па-першае, кіраўніцтва прадпрыемства паабяцала павышаць заробкі ў спецаўтагаспадарцы і «Зелянбудзе» на дваццаць адсоткаў на месяц, пачынаючы з кастрычніка. Па-другое, усім працаўнікам гэтых падпаддзяленняў УП «Жыллё» выплацяць па 500 тысяч «на гародніну», хоць раней сцвярджалася, што яны не ўваходзяць у катэгорыю атрымальнікаў гэтай аднаразовай выплаты.
Такім чынам, страйк камунальнікаў ў Барысаве скончаны. Пакуль.



