Алеся Бяляцкага прысудзілі да 4,5 гадоў узмоцненага рэжыму
247- 24.11.2011, 11:48

Прысуд: вінаваты, 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй, 721 млн. рублёў - шкоды, 36 млн. рублёў - дзяржпошліны.
Як заявіў суддзя Сяргей Бандарэнка, «суд прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
Суддзя падкрэсліў, што «віна падсуднага цалкам даказаная». Ён адзначыў, што, улічваючы характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, матывы, памер шкоды і асобасныя характарыстыкі абвінавачанага, суд прыйшоў да высновы аб магчымасці прызначыць яму пакаранне «толькі ў выглядзе пазбаўлення волі, з канфіскацыяй маёмасці, без пазбаўлення права займацца якой-небудзь дзейнасцю».
На думку суда, А. Бяляцкі нанёс шкоду дзяржаве, з улікам інфляцыі, 721, 45 млн. беларускіх рублёў. Паводле прысуду, акрамя адбыцця пакарання, праваабаронца павінен выплаціць дзяржпошліну ў памеры Br36 млн. рублёў. Пры гэтым А. Бяляцкаму даецца тэрмін у адзін месяц для таго, каб пагасіць дадзеныя сумы ў добраахвотным парадку. Пры гэтым суддзя адзначыў, што маёмасць, зарэгістраваная, у тым ліку і на іншых асоб, павінная быць звернутая ў кошт прысуду па грамадзянскім пазове.
С. Бандарэнка дадаў, што рашэнне суду Першамайскага раёна Менска па справе Бяляцкага можа быць абскарджанае ў Менскім гарадскім судзе на працягу 10 сутак.
Па словах карэспандэнта агенцтва «Інтэрфакс Захад», прысутныя ў зале суда сустрэлі прысуд крыкамі «Ганьба!», «Жыве «Вясна!», А пракурора, калі ён сыходзіў, «запляскалі». Праваабаронца Тацяна Равяка трымала ў руках вялікі плакат з партрэтам Алеся Бяляцкага і надпісам «Свабоду Алесю Бяляцкаму, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека».
Раней паведамлялася, што дзяржаўны абвінаваўца Валер Сайкоўскі папрасіў суд прызначыць А. Бяляцкаму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці і без пазбаўлення права займацца якой-небудзь дзейнасцю.


Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук (у цэнтры)

Палкоўнік Яўсееў адбірае расцяжку ў "вясноўца" Змітра Салаўёва.


Фота: «Еўрарадыё»