Аргкамітэт падрыхтаваў заяўку на Чарнобыльскі шлях
41- 1.04.2011, 21:05

На чарговым пасяджэнні аргкамітэта па правядзенні 26 красавіка традыцыйнага Чарнобыльскага шляху ў Мінску была падрыхтавана заяўка ў Мінгарвыканкам на правядзенне гэтага мерапрыемства.
Заяўка прадугледжвае збор удзельнікаў каля Акадэміі навук і шэсце да Чарнобыльскай капліцы на рагу вуліц Карастаянавай і Арлоўскай. Чарговы Чарнобыльскі шлях прымеркаваны да 25 гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, паведамляе Радыё Рацыя.
Вырашана, што ўжо ў панядзелак, 4 красавіка, заяўка будзе накіравана ў Мінгарвыканкам. У пасяджэнні прымалі ўдзел прадстаўнікі большасці дэмакратычных партый і грамадскіх аб'яднанняў Беларусі. Старшынстваваў пасяджэнню прафесар Юры Хадыка:
- У панядзелак падаем заяўку. Адрэдагавалі яе сёння, прыйшлі да пэўнай згодны – збор каля Акадэміі ў 17.45, а з 18.30 шэсце да капліцы, дзе адбудзецца мітынг. Будзем намагацца рабіць усё магчымае, каб шэсце прайшло без канфліктаў і болей было людзей. Плануем, прыкладна за тыдзень да шэсця, правесці «круглы стол» – «Ці трэба Беларусі быць без ядзернай?»
Наступнае пасяджэнне аргкамітэта па правядзенні Чарнобыльскага шляху ў сераду - 6 красавіка, у 14 гадзін.