Марэк Мігальскі: Захапляюся мужнасцю Зміцера Бандарэнкі
6- 10.05.2011, 10:19

Еўрапарламентар Марэк Мігальскі даслаў ліст сям'і палітвязня Зміцера Бандарэнкі.
Жонка і дачка каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцера Бандарэнкі, які па фальшывым абвінавачанні асуджаны на 2 гады калоніі, атрымалі ліст ад польскага еўрадэпутата. У сваім лісце Марэк Мігальскі запэўніў сваякоў палітвязня ў тым, што будзе імкнуцца кожны раз нагадваць аб Зміцеры і звяртаць увагу польскага і еўрапейскага грамадства на сітуацыю з ім і іншымі беларускімі палітвязнямі.
«Я хацеў бы запэўніць Вас у маёй падтрымцы. Я буду стала інфармаваць Вас аб маіх дзеяннях і ініцыятывах, звязаных са Зміцерам», піша польскі палітык.
Нагадаем, Марэк Мігальскі, дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы, удзельнік дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю, у межах акцыі падтрымкі беларускіх палітвязняў, якую ініцыявала арганізацыя правоў чалавека Libereco-Partnership for Human Rights, узяў пад апеку палітвязня Зміцера Бандарэнку.
