Беларускі МЗС страціў цікавасць да «Усходняга партнёрства»
18- 6.05.2011, 11:42

Нежаданне парламентарыяў Еўропы мець справу з марыянеткавай «палаткай» беларускі МЗС ацэньвае як падрыў дэмакратычнай легітымнасці Еўранеста і «Усходняга партнёрства».
З адмысловай заявай сёння выступіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных у сувязі з пачаткам работы ЕЎРАНЕСТ без удзелу прадстаўнікоў беларускага дыктатара:
«Мы вымушаныя канстатаваць, што група палітыкаў ў Еўрапейскім парламенце навязала найгоршы сцэнар для пачатку працы парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства».
Запуск ЕЎРАНЕСТ у няпоўным фармаце ідзе насуперак з прынцыпамі, прынятымі на саміце Усходняга партнёрства ў Празе ў 2009 годзе, і цалкам падрывае дэмакратычную легітымнасць гэтага аб'яднання.
Рэспубліка Беларусь не можа лічыць сябе звязанай падыходамі і рашэннямі ЕЎРАНЕСТ у такім фармаце.
Негатыўныя наступствы гэткага кроку Еўрапейскага парламента выходзяць за межы парламенцкага вымярэння, наносячы вельмі істотны ўрон Усходняму партнёрству ў цэлым, ягонай збалансаванасці, каштоўнасці, эфектыўнасці і перспектыве.
Праграма «Усходняга партнёрства» у выпадку ператварэння ў дыскрымінацыйны, млявапраяўны і аморфны працэс з выхалашчаным зместам, страціць актуальнасць і сэнс».