Дзярждэп ЗША рыхтуе рэзалюцыю ААН па Беларусі
29- 16.06.2011, 10:11

ЗША вядуць перамовы «з шырокім колам краін» па праблеме Беларусі.
Рэзалюцыя па сітуацыі ў краіне павінная быць прынятая ў Радзе ААН па правах чалавека. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Эстэр Брымер, кіраўніка Бюро Дзярждэпартамента ЗША па працы з міжнароднымі арганізацыямі, паведамляе «Радыё Свабода».
Таксама ў сераду амбасадар ЗША пры Радзе ААН па правах чалавека Эйлін Чэмберлен Донах'ю выступіла з заявай, у якой выказала занепакоенасць Злучаных Штатаў «падаўленнем мірных пратэстаў у некаторых краінах свету».
У прыватнасці, Чэмберлен нагадала, што беларускія ўлады «пазбавілі волі трох апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты і асудзілі па крайняй меры 38 апазіцыйных актывістаў на судовых працэсах, якія не адпавядалі самым мінімальным стандартам, патрабаваным ад справядлівай і незалежнай сістэмы юстыцыі».
«Урады павінныя быць прыцягнутыя да адказнасці за парушэнні асноўных правоў сваіх грамадзянаў на свабоду сходаў, волевыяўлення, рэлігіі і слова», - заявіла прадстаўніца ЗША.