«Газпрам» не хоча ўвязваць набыццё «Белтрансгаза» з коштамі на газ
2- 17.06.2011, 10:49

Аб гэтым яшчэ раз было заяўлена на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме.
Сёння ў межах Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму адбылася працоўная сустрэча старшыні праўлення ААТ «Газпрам» Аляксея Мілера і першага намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сямашкі.
Бакі абмеркавалі пытанні заключэння кантракта па пастаўку газу ў рэспубліку, пачынаючы з 2012 года, з улікам Адзінай эканамічнай прасторы.
Аляксей Мілер і Уладзімір Сямашка разгледзелі перспектывы набыцця «Газпрамам» акцый ААТ «Белтрансгаз». Адзначана, што адпаведныя дакументы знаходзяцца ў высокай ступені гатовасці. У ходзе сустрэчы было падкрэслена, што перспектывы іхняга падпісання не павінныя быць увязаныя з працай па вызначэнні ўмоваў новага кантракту.