Мікалай Статкевіч «адаптуецца да новых умоваў»
20- 21.06.2011, 9:44

Грамадзянская жонка палітвязня Марына Адамовіч атрымала першы ліст са Шклоўскай калоніі.
Як распавяла «Белсату» Марына Адамовіч, Мікалай Статкевіч паведамляе, што этап у калонію не быў складаным - арыштаваных завезлі туды за адну ноч: «Піша, што цяпер адаптуецца да новых умоваў. Пра тое, якая гэта асалода дыхаць свежым паветрам, бачыць неба, дрэвы і траву». Жанчына кажа, што Мікалай Статкевіч апісвае бытавыя ўмовы ў калоніі як «добрыя». «Але пасля паўгады ўтрымання ў камеры без сонца і паветра, нават у калоніі ўсё будзе здавацца выдатным», - адзначае Марына Адамовіч.
Жанчына кажа, што разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Мікалаю Статкевічу пакуль не прызначаны. Суддзя Людміла Грачова, тым не менш, адмаўляе родным у спатканні з палітвязнем.
Кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне палітык адбывае ў Шклоўскай калоніі.