Пракуратура - саўдзельнік рэпрэсій
38- 20.07.2011, 9:31

Грамадзяне ў апошнія месяцы плынню накіроўваюць у пракурорскія органы скаргі з патрабаваннямі прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія незаконна затрымліваюць людзей.
Аднак замест таго, каб праводзіць праверку па фактах міліцэйскага самавольства, пракуратура праводзіць прафілактычныя гутаркі з яго ахвярамі, паведамляе ПЦ «Вясна».
У такой сітуацыі апынулася, да прыкладу, Марына Дукмасава. На днях мы паведамлялі аб тым, як яе, грамадзянку Расеі, суд Партызанскага раёну Менску прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу «за нецэнзурную лаянку».
Позва ў пракуратуру Маскоўскага раёна, якую жанчына знайшла ў сваёй паштовай скрыні, стала для яе поўнай нечаканасцю. Яе выклікалі «для дачы тлумачэнняў па матэрыялах праверкі».
З’явіўшыся па позве, Марына Дукмасава даведалася, што Менская гарадская пракуратура ў сувязі з яе затрыманнем даручыла раённай пракуратуры высветліць, на якія сродкі і з якіх крыніц жыве грамадзянка Дукмасава, паколькі з'яўляецца беспрацоўнай. Таксама высветлілася, што Марыне павінныя былі растлумачыць пра адміністрацыйную адказнасць у выніку паўторных правапарушэнняў. Аднак такая неабходнасць адпала, паколькі «правапарушальніца» абскардзіла ў Менскім гарадскім судзе пастанову суда Партызанскага раёна Менска.
Паўстае пытанне: а чаму пракуратуру не цікавіць правамернасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі ў сітуацыі з абсурдным затрыманнем Марыны Дукмасавай і ейнага непаўнагадовага сына?