Амбасадары краін ЕЗ і ЗША праігнаравалі парад у Менску
4- 3.07.2011, 13:24

На парадзе ў Менску не былі заўважаныя кіраўнікі дыпламатычных місій еўрапейскіх краін і ЗША.
Як нагадвае БелаПАН, на прэс-канферэнцыі 29 чэрвеня ў Менску некаторыя еўрапейскія дыпламаты паведамілі: яны атрымалі запрашэнні на ўрачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці менш чым за тыдзень да мерапрыемстваў, што робіць немагчымым іхні удзел з-за ўжо распланаванага графіку.
Каментуючы гэтую заяву, прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных на брыфінгу 30 чэрвеня паведаміў: запрашэнні на ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Дня Незалежнасці былі накіраваны ўсім прадстаўнікам дыпкорпуса. Тэрміны накіравання запрашэнняў значэння не маюць, дадаў Савіных.
У прэс-службе амбасады ЗША паведамілі: часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан прысутнічаў 2 ліпеня на цырымоніі ўскладання кветак да помніка Перамогі ў Менску. У іншых мерапрыемствах ён удзелу не прымае.
Нагадаем, паслы краін ЕЗ і ЗША не прысутнічалі таксама на цырымоніі афіцыйнага святкавання Дня Перамогі ў Менску 9 мая, куды іх афіцыйна не запрасілі. Ускласці кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі яны змаглі толькі на наступны дзень, 10 мая.