Германія асуджае «бессаромную жорсткасць» уладаў Беларусі
20- 8.07.2011, 11:37

Міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле пракаментаваў арышты ўдзельнікаў акцыі маўклівага пратэсту ў Беларусі.
«Дурнаватая жорсткасць, якая ўжываецца беларускімі праваахоўнымі органамі супраць мірных пратэстаў, абсалютна непрымальная. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычнага гвалту», - цытуе Вестэрвеле прэс-служба амбасады ФРГ у Беларусі.
Раней разгон мірных акцый пратэсту ў Беларусі асудзілі міжнародныя праваабарончыя структуры, ЗША і шэраг іншых заходніх дзяржаў. Заклапочанасць з нагоды «прымянення сілы ў дачыненні да мірных дэманстрантаў» у Беларусі выказаў МЗС Расеі.
Па дадзеных праваабаронцаў, 6 ліпеня падчас акцыі маўклівага пратэсту ў Беларусі было затрымана прыкладна 400 чалавек. Многія ўжо асуджаныя на адміністрацыйныя арышты і штрафы. Сёння суды працягнуцца.
Усяго за час правядзення акцый маўклівага пратэсту, арганізаваных групай «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», якія праходзяць у Беларусі з 8 чэрвеня, было затрымана каля 1.730 чалавек, у тым ліку журналісты.