Вольга Бандарэнка: Зміцер рады ўсім, хто выходзіць на волю
10- 12.08.2011, 13:04

Жонка палітвязня Зміцера Бандарэнкі кажа, што каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» прасіць памілавання не будзе, але не асуджае тых, хто гэта зрабіў.
Па словах Вольгі Бандарэнка, яна сустракалася са Зміцерам у шпіталі ў сераду (нагадаем, раней яму рабілі складаную аперацыю на хрыбетніку). У гутарцы закраналася і тэма напісання просьбы аб памілаванні. Зміцер сказаў, што, вядома, нічога пісаць не будзе. «Муж рады ўсім, хто выходзіць на волю. Нікога не асуджае, але сам ён пісаць не будзе», - кажа Вольга.
Вольга Бандарэнка прызналася «Еўрарадыё», што перад аперацыяй Зміцера ў яе ўзнікла думка напісаць просьбу аб памілаванні «ад пачуцця безвыходнасці».
Вольга Бандарэнка лічыць, што вызваленне Зміцера без напісання просьбы аб памілаванні было б выгадным уладам. «Тым больш, 20-га жніўня ў яго траціну тэрміну, і ён можа пісаць заяву на змену рэжыму», - кажа жонка палітвязня.