Дэпутата Еўрапарламента не ўпусцілі ў Беларусь
9- 15.08.2011, 9:51

У ноч з 14 на 15 жніўня ў Беларусь не ўпусцілі польскага дэпутата Еўрапарламента Марэка Мігальскага.
Інцыдэнт здарыўся на перасячэнні мяжы Цярэспаль-Брэст. Амбасадара вывелі з цягніка і адвялі ў зону памежнага кантролю, дзе Марэку Мігальскаму паведамілі, што яго не ўпусцяць у Беларусь і не далі яму адказу на пытанне аб прычыне такога рашэння, паведамляе польскае агенцтва РАР.
Дэпутат ехаў у Менск па запрашэнні Праваабарончага цэнтра «Вясна». Падчас свайго знаходжання ў Беларусі ён павінен быў сустрэцца з прадстаўнікамі такіх арганізацый, як Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, а таксама сябрамі міжнароднай назіральнай місіі і лідэрамі апазіцыі.
Важным пунктам знаходжання Мігальскага ў Менску павінная была быць сустрэча з сем'ямі палітвязняў, у тым ліку з блізкімі Зміцера Бандарэнкі, шэфства над якім узяў еўрадэпутат. У Мігальскага таксама былі запланаваныя сустрэчы з Анжалікай Арэхва, старшынёй Саюза палякаў у Беларусі, а таксама з шэрагам актывістаў гэтай арганізацыі ў Менску.
Нагадаем, што Марэк Мігальскі з'яўляецца намеснікам сябра Дэлегацыі па адносінах з Беларуссю. Дэпутат стала сочыць за сітуацыяй у Беларусі і вельмі часта звяртаецца да парламенцкай камісіі з пісьмовымі запытамі ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека і абмежаванні грамадзянскіх свабод у нашай краіне.