Гамельчука арыштавалі за заклік у сацыяльнай сетцы
79- 7.08.2011, 13:20

Зміцер Шаўчэнка пад ананімным акаўнтам актыўна паводзіўся у суполцы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».
Як паведаміла БелаПАН жонка актывіста Ала Шаўчэнка, муж разам з дзвюма маленькімі дзецьмі ў суботу, 6 жніўня паехаў на лецішча ў вёску Калініна Гомельскага раёна. Увечары да лецішча пад'ехаў аўтамабіль «Опель», з якога выйшлі людзі ў цывільным.
«Наўпрост на вачох у дзяцей мужа затрымалі і звезлі ў невядомым кірунку. Ягонай маці заявілі, што Зміцер абвінавачваецца ў закліку да непадпарадкавання ўладам. Толькі потым у Чыгуначным РАУС Гомеля мне сказалі, што мужа даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання, у панядзелак будзе суд. Добра, што на лецішчы былі бацькі Зміцера, з якімі засталіся дзеці», - распавяла Ала Шаўчэнка.
Жонка актывіста мяркуе, што затрыманне мужа можа быць звязанае з якім-небудзь ягоным паведамленнем, пакінутым ў гомельскай суполцы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку».