Менск пратэстуе і на «ваенным» становішчы (Фота, відэа)
304- 21.09.2011, 19:09

(абноўлена) Напярэдадні акцыі маўклівага пратэсту 21 верасня ў Менск былі сцягнутыя сілы МУС.
На працягу ўсяго маршруту ад плошчы Незалежнасці ў бок Кастрычніцкай плошчы дзяжурыла вялікая колькасць міліцыянтаў у цывільным.
Каля меркаванага месца правядзення акцыі на праспекце Незалежнасці была найбольшая канцэнтрацыя міліцыі і АМАПа. Літаральна праз кожныя 10-20 метраў стаялі супрацоўнікі ГУУС Менгарвыканкама і КДБ з відэакамерамі. Аўтобусы з амапаўцамі без нумароў размясціліся ў дварах дамоў на праспекце Незалежнасці.
Тым часам у Беларусі сталі назірацца праблемы з доступам да незалежных інтэрнэт-рэсурсаў charter97.org, «Радыё Свабода», «Беларускі партызан», «Еўрарадыё».
Нягледзячы на ўсе гэтыя намаганні, да пачатку акцыі на тым баку пр. Незалежнасці, дзе размешчаныя будынкі КДБ і ГУМа, людзей было прыкметна больш, чым на супрацьлеглым. Спачатку, як толькі людзі пачыналі пляскаць - да іх падыходзілі супрацоўнікі міліцыі і пагражалі затрыманнямі.
Тым не менш, калі стала пляскаць вялікая колькасць людзей - міліцыянты рэтыраваліся. Сотні чалавек сталі па абодвух баках праспекта Незалежнасці ў раёне рэстарана Макдональдс. Некалькі дзясяткаў чалавек на ганку рэстарана пачалі актыўна пляскаць у ладкі. Аўтамабілі сігналілі ў знак падтрымкі.
Да 19.45 колькасць тых, хто пляскае ў ладкі, перавысіла сотню чалавек. Яны перайшлі з праспекта Незалежнасці на вуліцу Леніна. Апладысменты гучалі больш за 10 хвілін. Моладзь скандавала «Пераменаў!».
Пасля 20.00 людзі пачалі разыходзіцца. Аб затрыманых непасрэдна на акцыі не паведамляецца, хоць у Менску і рэгіёнах напярэдадні прайшлі прэвентыўныя затрыманні апазіцыянераў.
21 верасня ў Менску ўдзельнікі маўклівых акцый пратэсту планавалі сабрацца на праспекце Незалежнасці на адрэзку ад гасцініцы «Мінск» да Кастрычніцкай плошчы на правым баку праспекта (бок ГУМа, «Макдональдса»).
У адрозненне ад летніх выступленняў, якія былі больш стыхійнымі, 20 верасня арганізатары акцыі выставілі 9 патрабаванняў да ўлад. Яны пачынаюцца з эканамічных патрабаванняў, а сканчаюцца палітычнымі і культурнымі. Агульным лозунгам акцыі 21 верасня павінна стаць: «Хопіць трываць! - рост коштаў, дэвальвацыю, бязмежжа міліцыі, дзяржаўную прапаганду і абяцанні ўлады».















Фота: «Радыё Свабода», «Наша Ніва»