Лукашэнка паехаў катацца на лыжах у Сочы
65- 24.01.2012, 13:46

Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з працоўным візітам, сумешчаным з кароткатэрміновым адпачынкам, у Сочы.
Як паведамляе прэс-служба беларускага дыктатара, у Чырвонай Паляне 23 студзеня адбылася сустрэча Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым, паведамляе БелаПАН.
У ходзе гутаркі абмеркаваныя пытанні беларуска-расейскага супрацоўніцтва, у тым ліку двухбаковых гандлёва-эканамічных адносінаў, умацавання «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, развіцця ўзаемадзеяння ў межах Адзінай эканамічнай прасторы, сумеснага рэагавання на сучасныя выклікі і пагрозы, а таксама іншая актуальная праблематыка двухбаковага і міжнароднага парадку дня.
Лукашэнка асабліва адзначыў, што «ўсталяваўся даверны дыялог паміж кіраўніцтвам дзвюх краін, які паспрыяў вырашэнню ў канцы 2011 года шэрагу важнейшых пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферы энергетыкі». Беларускі бок гатовы да падтрымання і развіцця дасягнутага ўзроўню канструктыўнага дыялогу, накіраванага на рэалізацыю знакавых для дзвюх краін дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні.
Адзначым, што прэс-служба прэзідэнта Расеі аб сустрэчы Мядзведзева і Лукашэнкі нічога не паведамляе.
Падчас візіту ў Сочы запланаваныя сустрэчы прэзідэнта Беларусі з прадстаўнікамі палітычных і справавых колаў Расейскай Федэрацыі.