Мясніковіч просіць зняць абмежаванні ў АЭП
20- 23.10.2012, 17:01

Беларускія ўлады настойваюць на паскарэнні станаўлення агульнага рынку ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, сустракаючыся ў аўторак у Менску з віцэ-прэм'ерам урада Расеі Дзмітрыем Рагозіным, перадае «Інтэрфакс».
«Неабходна паскорыць станаўленне агульнага, адзінага рынку, адзінай прамысловай палітыкі для таго, каб не было прыкрых выключэнняў, абмежаванняў і тых пазіцый, дзе беларускі бок яшчэ разглядаецца як замежная дзяржава», - адзначыў Мясніковіч, выказаўшы надзею, што да канца бягучага года гэтыя абмежаванні будуць знятыя.
Беларускі бок, сказаў прэм'ер, хацеў бы, «каб працэсы ў Адзінай эканамічнай прасторы ішлі больш дынамічна». «Думаю, Еўразійская эканамічная камісія магла б некалькі дадаць ў гэтым плане», - сказаў Мясніковіч.
Кіраўнік урада лічыць, што ў рамках АЭП павінна быць адзіная прамысловая палітыка. «Мы не такія багатыя, каб ствараць у рамках нашага аб'яднання канкурэнтныя рэчы», - заявіў прэм'ер-міністр Беларусі.