Алесь Бяляцкі сустрэўся з жонкай
5- 21.12.2012, 11:00

20 снежня жонка палітвязня Наталля Пінчук ездзіла ў калонію №2 горада Бабруйска на кароткатэрміновае спатканне.
Па словах Наталлі, спатканне доўжылася каля двух гадзін і гэтага часу хапіла, каб пагаварыць на розныя тэмы, збольшага пра сямейныя справы і пра сяброў.
Таксама Наталля распавяла, што Алесь выглядае і трымаецца нармальна, на здароўе не скардзіцца, паведамляе ПЦ «Вясна».
Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны ў лістападзе 2011 года на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў з замежных рахункаў. На самай справе грошы на тых рахунках прызначаліся для праваабарончай дзейнасці. Краіны ЕЗ, ЗША, праваабаронцы лічаць яго палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення.