КДБ да гэтага часу не вярнуў Дашкевічу пашпарт
10- 27.02.2012, 17:48

Анастасія Палажанка ўжо больш за паўгады дамагаецца, каб пашпарт ейнага жаніха Зміцера Дашкевіча перадалі ў калонію, дзе ён адбывае пакаранне.
Вяселле Анастасіі Палажанка і Зміцера Дашкевіча ўжо паўгады адкладаецца з-за адсутнасці пашпарта ў жаніха, піша «Салідарнасць».
У жніўні 2011 года Анастасія накіравала скаргу на імя старшыні КДБ з патрабаваннем накіраваць пашпарт Дашкевіча да месца адбывання ім пакарання і атрымала адказ за подпісам намесніка старшыні КДБ І.С. Церцеля. Тады ён паабяцаў, што «пытанне аб накіраванні пашпарта Дашкевіча З.В. у ВК 9 УДВП па Магілёўскай вобласці будзе вырашанае ў парадку, які ўсталяваны заканадаўствам».
Палажанка кажа, што Дашкевіч, а таксама ягоныя блізкія і прадстаўнікі накіроўвалі шматлікія заявы, хадайніцтвы, скаргі ў ГУУС і КДБ, але тыя заставаліся без адказу. Дзяўчына ўжо некалькі разоў звярталася ў Генпаокуратуру, але адтуль прыходзяць толькі адпіскі.
«У які раз мы скардзімся ў Генпракуратуру на КДБ, а яны перанакіроўваюць ўсё ў КДБ! Камітэт са жніўня не адказаў ні на адну заяву, парушыўшы ўсё, што звязана з законам аб зваротах грамадзянаў. Проста Бермудскі трохкутнік, пішаш у нікуды!», - пракаментавала сітуацыю Анастасія Палажанка.

