Андрэя Дынько не выпусцілі з Беларусі
23- 14.03.2012, 10:20

Шэф-рэдактара «Нашай Нівы» знялі на мяжы з цягніка «Менск - Вільня».
Прычыну абмежавання права на выезд памежнікі не ўдакладнілі, параіўшы звяртацца ў аддзел міграцыі і грамадзянства МУС па месцы жыхарства, піша «Наша Ніва».
Нагадаем, што на працягу апошніх дзён некалькі грамадскіх дзеячаў Беларусі не змаглі пакінуць краіну. 7 сакавіка ў Вільню не прапусцілі лідэра АГП Анатоля Лябедзьку і Аляксандра Дабравольскага, 10 сакавіка - Сяргея Калякіна і Віктара Карняенку. 11 сакавіка на памежным пераходзе з Літвой не выпусцілі з Беларусі праваабаронца Валянціна Стэфановіча, які разам з жонкай і двума дзецьмі па асабістых справах накіроўваўся ў Вільню.
1 сакавіка начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Павел Радзівонаў зрабіў заяву, сутнасць якой заключалася ў тым, што апазіцыянерам, якія заклікаюць да санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму, можа быць абмежаваны выезд за мяжу.