Алесь Бяляцкі - лаўрэат прэміі нарвежскай асацыяцыі аўтараў
5- 26.03.2012, 12:16

Беларускі палітвязень Алесь Бяляцкі, напэўна, не ведае, што ў гэтую нядзелю стаў лаўрэатам прэміі «Freedom of Expression», якую прысуджае Нарвежская асацыяцыя аўтараў.
Гэтую ўзнагароду атрымліваюць праваабаронцы, журналісты, літаратары, якія змагаюцца ў несвабодных краінах за свабоду выказвання меркаванняў, перадае «Радыё Свабода».
«Для майго мужа будзе сапраўдным сюрпрызам, калі я, калі вярнуся дадому, напішу яму аб гэтым», - сказала нарвежскім журналістам на цырымоніі ўзнагароджання жонка Бяляцкага Наталля Пінчук. Яна ўпэўненая, што прэмія ўзрадуе ейнага мужа.
Па словах прадстаўнікоў Association Freedom of Expression-Preis, узнагарода, прысуджаная Алесю Бяляцкаму, - гэта адзнака ягонай працы і тых высокіх мэтаў, якія ставяць перад сабой праваабаронцы «Вясны». Таксама гэта прызнанне дзейнасці беларускага палітвязня на міжнародным узроўні.
Бяляцкі знаходзіцца ў Бабруйскай калоніі з канца лютага.
Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 гады турмы ў лістападзе мінулага года. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоны рахунак, ішлі на праваабарончую дзейнасць.
