Аляксандра Атрошчанкава не пусцілі ў Літву
24- 11.04.2012, 10:18

Пры гэтым у каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» была на руках даведка, што выезд яму дазволены.
Як стала вядома charter97.org, Аляксандр Атрошчанкаў збіраўся наведаць Вільню разам з жонкай з турыстычнай мэтай. Напярэдадні ён атрымаў з аддзела па грамадзянстве і міграцыі Цэнтральнага раёну Менску даведку аб тым, што выезд за межы краіны яму дазволены.
Аднак на станцыі «Гудагай» Атрошчанкава знялі з цягніка, забралі пашпарт і пасля праверкі дадзеных заявілі, што выезд з краіны яму забаронены. У дакументы паставілі адпаведны штамп.
«Зразумела, што існуюць «спісы невыязных». У мінулы раз на мяжы з Расеяй мяне абвінавацілі невядома ў чым, у нецэнзурнай лаянцы, і не выпусцілі з краіны. Цяпер высветлілася, што я знаходжуся ў спісах. Прычыны тлумачыць адмовіліся. Відавочна, улады баяцца, што я буду казаць аб сваім бачанні сітуацыі ў краіне, мець зносіны з калегамі, якія былі вымушаныя бегчы з краіны», - сказаў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» charter97.org.