Суды па справах «невыязных» пераносяцца
4- 5.04.2012, 12:12

Суд перанёс дасудовае паседжанне па скарзе Алега Гулака.
6 красавіка павіннае было прайсці апытанне ў межах дасудовай падрыхтоўкі па скарзе старшыні Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алега Гулака аб ягонай забароне на выезд за мяжу, піша ПЦ «Вясна».
У якасці адказнікаў па справе выступаюць МУС і Мінюст.
Аднак 4 красавіка з Алегам Гулаком звязалася сакратар суда Цэнтральнага раёна Менска, дзе павінная разглядацца справа, і паведаміла, што прызначаная на гэтую справу суддзя не зможа прысутнічаць на паседжанні 6 красавіка з-за таго, што ёй трэба весці прыём грамадзянаў.
Дата паседжання перанесеная на нявызначаны тэрмін, паведаміў Алег Гулак. Праваабаронца адзначыў, што ў сваёй практыцы яму не даводзілася сутыкацца з падобнымі пераносамі.
Такі ж ліст атрымаў і юрыст БХК Гары Паганяйла. Папярэдняе паседжанне па ягонай справе павіннае было адбыцца 18 красавіка.