Жорстка збітага міліцыяй Молчана могуць судзіць (Фота)
22- 22.05.2012, 13:28

Праваабаронцы спрабуюць знайсці сведкаў збіцця актывіста «Еўрапейскай Беларусі».
«З раніцы ў мяне моцна балела галава, зараз лягчэй, - сказаў Андрэй Молчан у інтэрв'ю «Народнай волі». - Медыкі паставілі мне дыягназ - закрытая чэрапна-мазгавая траўма, да таго ж быў зроблены здымак сківіцы. Ёсць падазрэнні на пералом.
Я яшчэ не вырашыў, ці буду абскарджваць у судзе дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Я не запомніў прозвішчы ні аднаго з іх. Аднак той, хто суправаджаў мяне ў лякапню, сказаў, што пасля выпіскі мяне можа чакаць суд. Быццам бы на мяне складзены пратакол за пікетаванне ў неналежным месцы. Верыць гэтаму ці не - я не ведаю, але ад іх можна чакаць чаго заўгодна.
Нагадаем, грамадскі актывіст Андрэй Молчан пры затрыманні ўвечары ў суботу быў моцна збіты міліцыянтамі. У знак салідарнасці з Сяргеем Каваленкам хлопец узняў нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг каля ўніверсама «Першамайскі» ў Менску і пачаў рухацца з ім ўздоўж вуліцы.
Між тым, адвакат і праваабаронцы асцерагаюцца, што ў заключэнне лекпраў патрапяць не ўсе траўмы, атрыманыя маладым чалавекам падчас затрымання міліцыяй.
«Андрэй ўсё яшчэ ў лякарні, учора атрымалася з ім пабачыцца, а сёння да яго накіроўваецца адвакат Вольга Безбародкіна, - распавяла «Салідарнасці» актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Марыя Касьян. - Адвакат хоча прасачыць за тым, як лекарамі будуць фіксавацца пабоі Андрэя, каб былі адзначаныя ўсе траўмы з моманту затрымання нашага актывіста і да таго моманту, калі ён апынуўся ў лякарні.
Зараз абаронца Молчана чакае на рэакцыю міліцыі, а таксама рыхтуе сустрэчны пазоў з боку актывіста. Акрамя таго, адвакатка накіравала скаргу ў пракуратуру і складае зварот у аддзел асабістай бяспекі ГАУС на дзеянні міліцыянтаў, якія затрымлівалі маладога чалавека.
«Было шмат сведак таго, як міліцыянты адбіралі ў нашага актывіста сцяг і пачалі збіваць яго наўпрост на вуліцы. Людзі вельмі негатыўна рэагавалі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і спрабавалі абараніць Андрэя. Зараз мы хочам знайсці сведак таго, як яго збівалі», - падагульніла Марыя Касьян.



